8 лістапада былі затрыманыя віцебская актывістка Таццяна Севярынец і
журналістка Алена Шабуня. Жанчыны ішлі ў гандлёвы цэнтр па сваіх
справах, але гэтак і не дайшлі – іх затрымалі і даставілі ў Чыгуначны
РАУС. Таццяну Севярынец і Алену Шабуню вінавацілі ў тым, што яны «ішлі
па вуліцы і выкрыквалі лозунг «Жыве Беларусь». Пратакол складаць не
сталі. З віцяблянкамі правялі прафілактычную гутарку і знялі адбіткі
пальцаў.
10 лістапада Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска пакараў
штрафам студэнтку медуніверсітэта Паліну Нітчанку за тое, што яна з
іншымі студэнтамі 26 кастрычніка каля галоўнага ўваходу ВДМУ
праспявала некалькі песень і пляскала ў далоні. Сваю віну Паліна
Нітчанка не прызнала і збіраецца абскардзіць вырашэнне ў абласным судзе.
Для Беларускай службы Польскага радыё з Віцебска Святаслаў Бруйко