Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Следчы камітэт беспадстаўна напісаў, што Раман Бандарэнка быў пад уплывам алкаголю

13.11.2020 10:16
У медычным заключэнні забітага мужчыны гаворыцца, што ўтрыманне этанолу ў крыві складала 0‰.
Раман Бандарэнкафота з сацсетак

На канале Следчага камітэту паявіўся запіс, быццам бы ў памерлага ўчора Рамана Бандарэнкі «былі цялесныя пашкоджанні і прыкметы алкагольнага ап’янення». У сваю чаргу ў медычным заключэнні гаворыцца, што ўтрыманне этанолу ў крыві складала 0‰. Акрамя таго, органы паведамляюць пра нейкую бойку паміж жыхарамі, хаця вядома, што на Рамана напаў сілавік у цывільнай вопратцы, які ўжо засвяціўся падчас іншых карных аперацый.

31-гадовы Раман Бандарэнка быў жорстка збіты, калі выйшаў у двор, убачыўшы, як ціхары зрэзваюць бел-чырвона-белыя стужкі. Плакаты в памяць пра забітага паявіліся з самой раніцы ў мінскім метро. За Рамана маліліся ў праваслаўным Пакроўскім саборы ў Гродне.

Святлана Ціханоўская аб’явіла Рамана Бандарэнку героем Беларусі і заклікала працягваць пратэст. Яна выразіла спачуванне блізкім Рамана і абяцала, што ў новай Беларусі будзе праведзена сумленнае следства і пакараныя яго забойцы. «Няма нічога горшага, чым смерць нявіннага чалавека, няма нічога страшнейшага, чым паховіны ўласнага дзіцяці, няма нічога больш бесчалавечнага, чым тэрор супраць уласнага народа», – заявіла Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

- Я не ведала Рамана асабіста, але я ведаю, што яго забойства – гэта крымінальнае злачынства, па якім будзе праведзена расследаванне, а ўсе вінаватыя панясуць пакаранне. Мы будзем рабіць усё, што аслабляе рэжым, вяртае закон і набліжае нас да свабодных выбараў.

На сёння ў Беларусі аб’яўлена неафіцыйная жалоба, апоўдні прайшла хвіліна маўчання.