У Свята-Пакроўскім кафедральным саборы ў Гродне адбылася паніхіда па забітаму Раману Бандарэнку. Каля сотні гродзенцаў прачыталі малітву вечнай памяці, запалілі знічы ў памяць аб забітым 12 лістапада мінчуку Рамане Бандарэнку. Сёння ў яго гонар кожную гадзіну гучыць вялікі саборны звон.
Пасля службы каля сабора выстраіліся людзі ў ланцуг з лампадкамі і здымкамі мінчука. Падышлі міліцыянеры і загадалі ўсім разысціся. Людзі спрабавалі іх не слухаць, але ўсё ж разышліся. Пазней каля помніка, які стаіць на месцы былой Фары Вітаўта ў цэнтры гораду, пачалі ізноў збірацца людзі, прыносілі кветкі і знічы. Фару Вітаўта на гэтым месцы бальшавікі ўзарвалі 29 лістапада 1961 года.
Людзі, ехалі і шлі сюды з розных канцоў гораду. Такім чынам яны ўшаноўвалі памяць забітага мінчаніна. Побач з скверам увесь час дзяжурылі сілавікі ў цывільным. Відавочна баяліся, каб у цэнтры гораду не пачалася чарговая акцыя пратэсту.
Аляксей МІХАЛЁЎ