Аляксандра Богуш, якая выкладае англійскую мову ў Азёрскай санаторна-куротнай школе пачала страйк, бо не можа пагадзіцца з насіллем і беззаконнем, якое адбываецца ў Беларусі.
Настаўніца размясціла ў інтэрнэце відэа і тлумачыць, што далучаецца да забастоўкі, таму што катэгарычна супраць насілля над мірнымі грамадзянамі, выступае за спыненне пераследу па палітычных матывах, за непрызнанне сфальсіфікаваных вынікаў выбараў, за адстаўку Лукашэнкі.
«Відэазапіс зроблены мной для таго, каб падтрымаць тых, хто ўжо супраціўляецца, тых, хто змагаецца. »
У рабочыя дні яна прыходзіць на працу, але сядзіць у настаўніцкай і не ідзе на ўрокі.
Адміністрацыя школы пакуль не прыняла ніякіх захадаў супраць яе, але патлумачыла, што выстаўленыя патрабаванні задаволіць не можа, паколькі гэта не ў яе кампетэнцыі.
Нягледзячы на тое, што яна пасярод навучальнага года спыніла заняткі, спадарыня Аляксандра кажа, што сваім учынкам зрабіла нашмат болей, чым магла зрабіць на сваім працоўным месцы.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ