15 лістапада марш «Я выходжу», прысвечаны памяці Рамана Бандарэнкі, прайшоў у Віцебску. Пратэстоўцы сабраліся каля Ратушы і ў раёне Смаленскага рынку. Калона з дзвюх сотняў чалавек прайшла па вуліцы Леніна. Каля 13 гадзін дарогу каля Ратушы перакрылі сілавікі.
Сітуацыя была вельмі напружанай. Пратэстоўцы крычалі «Прапускай!», «Верым, можам, пераможам!» і «Трыбунал!», аднак да прамых сутыкненняў з АМАПам не дайшло. Тым не менш, некалькі чалавек на акцыі былі затрыманыя. Сярод іх былі журналісты Алесь Пілецкі і Ігар Мацвееў.
Каля 15 гадзін марш памяці ў Віцебску скончыўся. Пасля акцыі ў цэнтры горада на Маскоўскім праспекце была заўважана дзяўчына, якая выйшла на адзінкавы пікет з плакатам «Колькі патрэбна яшчэ смярцей?»
Святаслаў Бруйко