У Мінску нацыянальную сімволіку будуць прыбіраць пад аховай міліцыі, а любы супраціў гэтаму будзе карацца.
Пра гэта на пасяджэнні Мінгарвыканкама 17 лістапада заявіў памочнік прэзідэнта — інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Барсукоў.
«Пара заканчваць гэтую вакханалію. Людзі ўжо стаміліся. Грамадзяне разам з камунальнымі службамі наводзяць парадак у сваіх дварах, робяць прыгожа. А потым прыходзяць вандалы, па-іншаму не магу іх назваць, пачынаюць нешта ўсталёўваць, наносяць надпісы, шумяць» - сказаў Барсукоў. Ён падкрэсліў, што Лукашэнкам пастаўлена задача — на працягу тыдня навесці ў Мінску ўзорны парадак.
«Хачу папярэдзіць грамадзян: ніхто ні з кім цырымоніцца не будзе. Час угавораў скончаны. Камунальныя службы будуць прыбіраць усё, што нанеслі. І побач будуць знаходзіцца супрацоўнікі міліцыі. Любое ўмяшанне ў іх дзеяння цягне за сабой не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць, — адзначыў А. Барсукоў. - Пачынаючы з сённяшняга дня камунальныя службы, грамадзяне, дружыннікі будуць наводзіць парадак на дваровых тэрыторыях. Не ўмешвайцеся ў іх дзеянні.
яс/Наша ніва