Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Выпускнікі БДЭУ заклікаюць не маўчаць

17.11.2020 21:50
У міжнародны Дзень студэнта 17 лістапада выпускнікі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта запісалі незвычайны відэазварот і заклікалі падпісаць петыцыю.
(http:bit.lypetition_bseu)
(http://bit.ly/petition_bseu)(http://bit.ly/petition_bseu)

Спачатку відэароліка эканаміст, бізнэсмэн, прадпрымалніца, мэнэджэр, эксперт, інвестар у балаклавах змененым голасам выступаюць у ролі сілавікоў і нібыта ад іх імя называюць злачынствы і карысці, якія атрымліваюць ад улад. Потым здымаюць маскі і называюць прыкметы добрасумленных людзей.

(https:\/\/bit.ly/petition_bseu) 


Петыцыя выпускнікоў БДЭУ накіравана да тых, хто не згодны з тым, што адбываецца ў краіне, але хто працягвае маўчаць. Былыя студэнты звяртаюцца таксама да выкладчыкаў свайго  Alma Mater, якія па розных прычынах, не вырашаюцца адкрыта выказаць сваю нязгоду з ціскам на студэнтаў і навуковых супрацоўнікаў.

Адкрыты зварот выпускнікоў БДЭУ

Мы, выпускнікі БДЭУ розных гадоў, паспяховыя спецыялісты і кіраўнікі, якія пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, НЕ звяртаемся ні да адміністрацыі БДЭУ, ні асабіста да рэктара г. Шціліну В.Ю па двух простых прычынах:

- мы лічым дастатковымі, выразна сфармуляванымі і нарматыўна абгрунтаванымі адкрытыя звароты выкладчыкаў і супрацоўнікаў, а таксама бацькоў студэнтаў адукацыйнай установы «БДЭУ». Мы цалкам падзяляем іх пазіцыю і падтрымліваем іх патрабаванні. «Qui habet aures audiendi, audiat»

- зыходзячы з нашага разумення пазіцыі, абраныя асобнымі прадстаўнікамі адміністрацыі ВНУ, накіраваныя на абслугоўванне «правільнай» ідэалогіі і супрацоўніцтва з акупацыйнымі рэжымам, парушаюць усе нормы права і маралі, мы лічым такі дыялог бесперспектыўным.

Таму наш адкрыты зварот накіраваны сёння да тых, хто не згодны з тым, што адбываецца, але хто ў пазбяганне магчымых рэпрэсіяў (звальненняў або адлічэнняў) працягвае маўчаць. Маўчанне – знак згоды. Але хіба вы згодныя з сітуацыяй, якая склалася ў вашай навучальнай установе, дзе звольніць ці адлічыць вас могуць за колер вашага адзення, кветкі ў руках або за магчымасць думаць шырэй той «рэальнасці», што прапануюць дзяржаўныя каналы?
Хіба вы згодныя з сітуацыяй, калі вы можаце выйсці ў краму па хлеб, але замест гэтага апыніцеся затрыманым, асуджаным на 15 сутак, аштрафаваным і нават збітым, магчыма да смерці?

Хіба вы прымаеце як нармальную сітуацыю, калі на вуліцах зусім крымінальнага выгляду асобы без апазнавальных знакаў, дазваляюць сабе свабодна затрымліваць, збіваць і пакаваць у аўтазакі жыхароў нашай краіны, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі?

У які момант стала нармальным тое, што мець адваката – гэта прэзумпцыя вінаватасці, а судовы прысуд выносіцца на падставе ілжывых пратаколаў і паказанняў ананімных сведак?

Пералік усіх ненармальнасцей зойме шмат тамоў – хіба ўсяго гэтага не дастаткова, для таго каб вы перасталі маўчаць? Штодня прадстаўнікамі ўлады на ўсіх узроўнях ажыццяўляюцца злачынствы на нашых вачах... Маўчанне і бяздзейнасць – гэта саўдзел у гэтых злачынствах.

Мы звяртаемся да тых выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія па розных прычынах не вырашаюцца адкрыта выказаць сваю нязгоду з ціскам на студэнтаў і выкладчыкаў, з просьбай падтрымаць вашых студэнтаў і далучыцца да калегаў, якія выступілі з адкрытым зваротам да адміністрацыі універсітэту.
Мы ўдзячныя вам не толькі за тыя веды, якія вы нам далі, але і за тыя агульначалавечыя каштоўнасці і прынцыпы, якія мы ўвабралі за гады нашага студэнцтва. Вы вучылі нас пазнаваць новае, думаць самастойна, адстойваць свой пункт гледжання, прыводзіць аргументы і рабіць высновы. Сёння, вашым маўчаннем вы робіце магчымым ціск і рэпрэсіі на студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэту, мірна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю.

І, нарэшце, мы звяртаемся да студэнтаў нашага Alma Mater: мы вамі ганарымся! Мы выказваем салідарнасць з усімі студэнтамі, якія не баяцца адкрыта і мірна выказваць сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю, нязгоду з тым, што адбываецца, беззаконнем з боку ўладаў, прадстаўнікоў сілавых структур, судовых органаў, адміністрацый дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў.

Студэнты, вы – будучыня нашай краіны!
Наша сіла – у ведах, і наша перамога – у адзінстве!

https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSdhVZKAew7MgkF2xqp0EaQYnPXNKLR598g24Fh3e73CIKQ0bA/viewform