Пасля зачысткі на Плошчы Перамен дзейсныя беларускія ўлады ўзяліся за яшчэ адзін бастыён супраціву – мікрараён «Новая Баравая», дзе на выбарах прэзідэнта Ціханоўская набрала ў сваю падтрымку галасоў у 17 раз болей за Лукашэнку.
Вечарам 17 лістапада ў кватэрах мінскага мікрараёна «Новая Баравая» радыятары ацяплення зноў сталі грэцца. А вось з халоднай і гарачай вадой пакуль праблема. Амаль 10 тысяч жыхароў раёна з 15 лістапада, лічы, церпяць бедства. Ні памыцца, ні папіць, ні ў прыбіральню нармальна схадзіць.
Афіцыйная версія – крадзеж невядомымі вялізнага крана, які рэгулюе падачу вады з магістральнага трубаправода. Неафіцыйна – жыхары лічаць, што ім помсцяць за палітычныя погляды. «Здыміце сцягі і сімволіку і тады ўсё наладзіцца» – такі неафіцыйны сігнал жыхары Новай Баравой атрымалі ад мясцовага кіраўніцтва. Дабыць афіцыйны каментар не ўдалося нікому з калегаў са СМІ.
Тым часам, мінчане і жыхары навакольных населеных пунктаў паказваюць узор салідарнасці: у чатах і сацсетках мноства прапаноў прыехаць памыцца, адпачыць і пераначаваць. Пішуць нават са Смалявіч – райцэнтра ў 40 кіламетрах ад Мінска.
Адметнасць Новай Баравой – апроч найсучасных архітэктуры, планіроўкі і інфраструктуры раёна і вельмі дружнай супольнасці жыхароў – большасць кватэр тут людзі купілі за свае грошы, гэта такі сярэдні клас.
Не ведаю, ці ўпалі цэны на жыллё ў гэтым раёне, але ў цэлым па Мінску цяпер на кожную аб’яўву «куплю кватэру» прыходзіцца ажно 15 аб’яў «прадам», рынак правіс.
Спецыяльна для Беларускай службы Польскага радыё, Анатоль Шырвель, Мінск