20 снежная – дзень Народнага трыбунала! У сувязі з гэтым ініцыятыва ByPol з мэтай папярэджання грамадзян аб небяспецы змясціла ў тэлеграм-канале спіс асоб, якія знаходзяцца ў распрацоўцы Трэцяга ўпраўлення ГУБАЗіК (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) у сувязі з удзелам у пратэстах, а таксама спіс тэлефонаў, па якіх праводзяцца тэхнічныя мерапрыемствы, у тым ліку праслухоўванне.
Акрамя спісу з 89 асобаў, актывісты ініцыятывы таксама апублікавалі 41 тэлефонны нумар, які нібыта знаходзіцца на праслухоўванні спецслужбаў.
Гэта зроблена дзеля таго, каб папярэдзіць усіх, хто апынуўся ў апублікаваным спісе. Па словах каардынатара ініцыятывы, былога следчага, капітана беларускай юстыцыі Андрэя Астаповіча, карысць ад публікацыі можа быць большай, чым патэнцыйная шкода.
- Быў выбар: або непрыемнасць ад таго, што ты трапіў у гэты спіс, і ўсе даведаліся, што цябе распрацоўваюць, або да цябе пагрукаюць у дзверы і затрымаюць. Мы доўга думалі, ці варта гэты спіс публікаваць і вырашылі, што варта папярэдзіць людзей.
Большасць з прозвішчаў, якія трапілі ў апублікаваны спіс, не вядомыя шырока. Ёсць таксама тыя, хто даўно знаходзіцца за кратамі і мае статус палітзняволенага.
нг