Міністэрства ўнутраных спраў стварыла базу ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцый, паведаміў у «Галоўным эфіры» на тэлеканале «Беларусь 1» начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Купчэня.
«Пасля падзей 9 жніўня ў Міністэрстве ўнутраных спраў было прынята рашэнне аб стварэнні адзінай базы даных па ўсёй рэспубліцы, якая б дазваляла нам улічваць інфармацыю аб гэтых асобах, што былі затрыманыя або ідэнтыфікаваныя пры правядзенні несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў і ў далейшым выкарыстоўваць гэтую інфармацыю для працы», – заявіў Купчэня.
Ён прывёў прыклад: «Чалавек пражывае ў горадзе Брэсце, там удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, і праз месяц ён прыбывае ў горад Мінск для ўдзелу ў такіх мерапрыемствах у горадзе Мінску. Мы яго тут затрымліваем, правяраем па базе даных і ўстанаўліваем, што раней гэты чалавек ужо затрымліваўся ў горадзе Брэсце і ўжо ўдзельнічаў у такіх мерапрыемствах. Такім чынам, гэты чалавек прымае ўдзел паўторна, гэта мае істотнае значэнне пры разглядзе справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў судзе».
«У тэхнічным плане, вядома, мы ўжо ажыццявілі вялікі штуршок, можна сказаць рывок, які дазваляе гэтых грамадзян устанаўліваць і ў далейшым ажыццяўляць усе мерапрыемствы па прававых нормах пакарання згодна з адміністрацыйным кодэксам», – заявіў у эфіры тэлеканала першы намеснік міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка.
БелаПАН/нг