Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева чакае этапу з Жодзіна ў Мінск, паведаміў яе муж Ігар Іл'яш, паведамляюць naviny.by.
«Сёння я атрымаў ад Каці ліст, дзе яна піша пра тое, што ў хуткім часе чакае этапу ў Мінск. З кантэксту ясна, што гаворка ідзе пра верагодны этапаванне на суд», – напісаў Ілʼяш на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». Ён робіць выснову, што следства па справе завершана.
Ілʼяш прыводзіць цытату з ліста Андрэевай: «Прагнозаў не раблю нават. Гатовая да ўсяго. Здзівіць даволі складана мяне цяпер». Ён таксама адзначыў, што «сітуацыя з перапіскай наладжваецца»: пасля Новага года жонка атрымала пяць ягоных лістоў, «далёка не ўсё, але гэта хоць нешта».
4 студзеня Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што Следчы камітэт адмовіў Андрэевай у спатканні з мужам. Адмова матываваная тым, што Андрэева нібыта можа сысці ад правасуддзя і аказаць «незаконнае ўздзеянне на асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе».
Раней Следчы камітэт адмовіў у вызваленні Андрэевай з-пад варты пад даручальніцтва старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца і іншых вядомых прадстаўнікоў СМІ.
Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову затрымалі 15 лістапада пасля прамога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Мінску (двор на вул. Чарвякова). Абодвум было прадʼяўленае абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Мера стрымання – утрыманне пад вартай (мінімум да 20 студзеня). Беларускія праваабаронцы прызналі журналістак палітвязнямі.
ав