Жыхары Гродна збіраюць у Фэйсбуку пад петыцыяй подпісы да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і старшыняў абласнога, і гарадскога Саветаў у якой выказваюць недавер фарміраванню дэлегацый на Усебеларускі сход.
У петыцыі гаворыцца, што парадак абрання дэлегатаў на Усебеларускі народны сход не адпавядае прынцыпам дэмакратыі. У прыватнасці канстатуецца, што ва ўсіх раённых і абласным Савеце адбыліся сходы па вылучэнню дэлегатаў на Усебеларускі сход. Але ў той самы час ніхто нідзе публічна не патлумачыў працэдуру і законнасць іх вылучэння.
У звароце таксама сцвярджаецца, што на прадпрыемствах гораду не былі праведзены агульныя сходы ў калектывах, дзе б прайшло вылучэнне дэлегатаў. Тым не менш, дэлегаты ўжо прызначаны, што сведчыць аб тым, што думкі работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый не ўлічваліся. Вялікая частка грамадства наагул не мела магчымасці вылучыць сваіх дэлегатаў на сход.
У сувязі з неканстытуцыйным характарам дадзенага масавага мерапрыемства, як гаворыцца ў звароце, кожны ўдзельнік сходу будзе несці персанальную адказнасць за ўдзел у ім згодна з заканадаўствам Беларусі.
Алесь ЗАВІНОЎСКІ