Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

«Брестская газета» не можа знайсці друкарню, каб выдаваць папяровае выданне

14.01.2021 17:12
Друкарні ў розных гарадах Беларусі адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання.
"Брестская газета"фота: БАЖ

«Брестская газета» не можа знайсці друкарню, каб выдаваць папяровае выданне.

Як паведаміў службе маніторынгу ГА «БАЖ» галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук, сёлета на пачатку года спробы дамовіцца пра друк чарговага нумару засталіся беспаспяховымі.

Друкарні ў розных гарадах Беларусі адмаўляюцца ад супрацы з рэдакцыяй недзяржаўнага рэгіянальнага выдання.
Праблема ўзнікла, калі Брэсцкая друкарня адмовілася працягваць дамову з «Брестской газетой» – пасля 18 гадоў супрацоўніцтва. Прычыны гэтага рашэння кіраўніцтва друкарні не тлумачыць.

У выніку рэдакцыя «Брестской газеты» напрыканцы 2020 года звярнулася да сваіх чытачоў, каб яны анулявалі падпіску, ужо аформленую на першую палову 2021 года. Паводле Віктара Марчука, гэта вымушаны крок, бо ў рэдакцыі не было ўпэўненасці, што ў Беларусі можна хутка знайсці іншую друкарню, каб газета працягвала з’яўляцца ў папяровым варыянце.

Апошні нумар за мінулы год выйшаў 24 снежня, а 31 снежня паспелі надрукаваць у Брэсце першы нумар газеты за 2021 год. Яго наклад паменшыўся больш чым на тысячу асобнікаў, бо ўжо не ўлічваў падпісчыкаў.

Як распавёў галоўны рэдактар «Брестской газеты», спробы дамовіцца з іншымі друкарнямі ў Беларусі плёну не далі, а шукаць варыянты з друкам у іншых краінах (у прыватнасці, у Расіі) у рэдакцыі палічылі бессэнсоўным.

15 студзеня рэдакцыя мусіць атрымаць адказ пра магчымасць супрацоўніцтва яшчэ ад адной тыпаграфіі.

нг