Лідскі суд прыгаварыў да пяці гадоў пазбаўлення волі гродзенскага абласнога каардынатара Руху «За Свабоду» Вітольда Ашурка. Яго прызналі вінаватым паводле артыкулаў 342 ч. 1 («Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 364 («Гвалт у дачыненні супрацоўніка міліцыі») Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Працэс прайшоў у закрытым рэжыме. Падрабязнасці ягонага правядзення схаваныя ад грамадскасці, доказы віны сябра Рады Руху «За Свабоду» невядомыя і неагучаныя.
Рух «За Свабоду» лічыць, што:
- пераслед Вітольда Ашурка з'яўляецца палітычна матываваным і незаконным;
- рашэнне пра правядзенне працэсу ў закрытым рэжыме ўказвае на спробу схаваць адсутнасць доказаў ягонай віны;
- прысуд, агучаны сёння, з'яўляецца палітычнай расправай.
Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- вярнуцца ў прававое поле
- спыніць практыку пераследу палітычных апанентаў з дапамогай надуманых крымінальных справаў
- неадкладна адмяніць прысуд і вызваліць Вітольда Ашурку і іншых зняволеных па палітычных матывах.
Мы заклікаем беларускае грамадства да салідарнасці. У нашай дапамозе маюць патрэбу палітзняволеныя і іх сем'і, незалежныя СМІ, бізнес, якія спазнаў несправядлівы пераслед з боку ўладаў за палітычную пазіцыю, актывісты. Толькі разам мы зможам перайсці перыяд рэпрэсіяў і дасягнуць дэмакратыі ў нашай краіне.
Рух "За свабоду"/нг