Святлана Ціханоўская пачала рабочы візіт у Эстонію і сустрэлася з прэзідэнтам Керсці Кальюлайд - паведаміляе Тэлеграм-канал С. Ціханоўскай.
Кальюлайд распавяла, што Эстонія ўжо робіць для Беларусі: вылучылі 700 тысяч еўра на падтрымку адукацыйных і грамадскіх ініцыятыў.
Святлана падкрэсліла, што пратэст працягваецца і яго будучыня - за лакальнымі ініцыятывамі і аб'яднаннямі. Святлана заклікала падтрымаць пашырэнне санкцый, дадаўшы ў спісы супрацоўнікаў АМАП і ГУБАЗіК, суддзяў і бізнесменаў, якія падтрымліваюць рэжым. Мікалай Карпянкоў ўжо знаходзіцца ў эстонскім спісе.
Абмеркавалі магчымасць старту ў Эстоніі спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, бо некалькі беларусаў цяпер праходзяць у Эстоніі рэабілітацыю пасля гвалту з боку сілавікоў у Беларусі. Пагаварылі аб супрацоўніцтве паміж урадам Эстоніі і Кабінетам Святланы Ціханоўскай у пытанні эканамічных і лічбавых рэформаў, развіцця IT-сектара. Гаворка ішла пра тое, каб арганізаваць канферэнцыю або пляцоўку для абмену вопытам у стварэнні электроннага ўрада, правядзенні зямельнай, мытнай і падатковай рэформаў. Прэзідэнт Эстоніі пацвердзіла такую магчымасць.
Святлана запрасіла Керсці Кальюлайд падтрымаць Дзень салідарнасці з Беларуссю 7 лютага. Абмеркавалі ВНС і канстытуцыйную рэформу, якую хоча правесці Лукашэнка. Ціханоўская падкрэсліла, што ён такім чынам спрабуе выйграць для сябе час і шукае спосабы сваёй легітымізацыі, але час Лукашэнка прайшоў.
Гэта была вельмі прыязная гутарка двух палітычных лідэраў. Сустрэча доўжылася даўжэй, чым было адведзена па пратаколе. Ціханоўская і Кальюлайд дамовіліся падтрымліваць сувязь.
нг