Каля Дому ўраду падпаліў сябе чалавек. У яго апёкі звыш 50% цела. Сведкі інцыдэнту прыслалі ў рэдакцыю Свабоды фота дыму на плошчы Незалежнасці, а таксама чалавека, які ляжыць на зямлі ў атачэнні супрацоўнікаў сілавых структур.
Пацярпелага забрала хуткая медыцынская дапамога. Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што пацярпелы на плошчы Незалежнасці чалавек застаецца непрытомным: «Пры першым аглядзе супрацоўнікі хуткай дапамогі дыягнаставалі ў яго больш за 50 працэнтаў апёкаў. Медыцынскія работнікі хуткай дапамогі транспартавалі пацярпелага ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр».
Жанчына, якая перадала гэтыя здымкі, паведаміла, што магчыма, там гарэў чалавек. На іншым відэа відаць, як чалавек гарыць адкрытым полымем, а сілавікі накрываюць яго тканінай, каб збіць агонь.
На плошчы Незалежнасці ў Менску знаходзіцца Дом ураду, дзе размешчаны ўрад і парламент Беларусі, а таксама будынак Мінскага гарсавету і гарвыканкаму. Інцыдэнт адбыўся ля правага крыла Дома ўраду.
Абставіны здарэння высвятляюцца. На месцы працуе следча-аператыўная група.
нг