Паралельна з выступам Аляксандра Лукашэнкі перад студэнтамі юрфаку БДУ паступае інфармацыя пра затрыманні дзейных і былых выкладчыкаў галоўнага ВНУ Беларусі, перадае Свабода.
У Мінску затрымалі старшага выкладчыка катэдры фізічнай электронікі і нанатэхналёгій Белдзяржуніверсітэту Паўла Пятрова. Пра гэта ў сацсетках інфармуюць ягоныя калегі. Яны кажуць, што з кабінету канфіскавалі тэхніку, сам Пятроў цяпер у Фрунзенскім РУУС.
Раней таксама затрымалі Святлану Воўчак – былую выкладчыцу БДУ, якая ўдзельнічала ў стварэнні страйкаму ўніверсітэту. Яна паспела напісаць, што невядомыя ламаюць дзверы кватэры, пасля чаго перастала выходзіць на сувязь.
А напярэдадні схапілі старшага выкладчыка геаграфічнага факультэту БДУ Вольгу Кавалеўскую. Паводле валанцёраў, яе даставілі ў Фрунзенскае РУУС, але далейшы лёс жанчыны невядомы.
Таксама затрымалі аднаго з адміністратараў тэлеграм-канала «БГУ 97 Ассоциация».
29 студзеня са студэнтамі БДУ сустрэўся Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што ўсе маюць права выказваць уласнае меркаванне, аднак сцены ўніверсітэту не месца для «палітычных мітынгаў».
ав