Беларуская Служба

Генеральны консул Польшчы развітаўся з Гроднам

13.03.2021 07:09
Яраслаў Ксёнжэк лічыць, што рашэнне, якое прынялі беларускія ўлады, няслушнае. 
Яраслаў Ксёнжэкgov.pl

У выніку інцыдэнта сёння з Гродна ад’ехаў Генеральны консул Рэспублікі Польшча Яраслаў Ксёнжэк. На развітанне ён даў інтэрв’ю для інтэрнэт-партала Znadniemna.pl.

Спадар Ксёнжэк распавёў, што адпрацаваў у Беларусі пяць гадоў і ўвесь гэты час прыкладаў намаганні, каб беларуска-польскія стасункі ва ўсіх сферах прасоўваліся наперад.

Ён таксама актыўна падтрымліваў польскую меншасць на Гродзеншчыне, але, маўляў, такі лёс дыпламата.

Ксёнжэк лічыць, што рашэнне, якое прынялі беларускія ўлады, няслушнае. У Гродне ў консульстве застаецца працаваць толькі адзін дыпламат, што, паводле яго, абцяжарыць выкананне ўсіх абавязкаў.

За працу ў Гродне консулу падзякавала старшыня непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс.

У сваім фэйсбуку яна напісала, што высылка польскіх дыпламатаў – гэта чарговы ўдар па польскай меншасці ў Беларусі.

Алесь ЗАВІНОЎСКІ