Беларуская Служба

Журналіста Змітра Казакевіча аштрафавалі на 1740 рублёў

18.03.2021 08:44
У судзе ён працытаваў Оруэла і хацеў падарыць суддзі кніжку «1984» .
Зміцер Казакевічкрыніца: baj.by

Суддзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава прызналі журналіста вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. У прыватнасці, двух публікацый, якія сёлета ў лютым былі размешчаныя на сайце belsat.eu, – паведамляе БАЖ.

Адзін з артыкулаў – гэта гісторыя пра звальненне выкладчыка медыцынснага ўніверсітэта, які адбыў трое сутак пад арыштам за белыя і чырвоныя фіранкі ў сваёй кватэры. Другі – пра судовы працэс над жыхаром Віцебска, у дачыненні якога распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам. Звесткі пра гэтыя артыкулы былі знойдзеныя падчас агляду змесціва ноўтбука журналіста, забранага міліцыянтамі падчас ператрусу.

Зміцер Казакевіч адмовіўся даваць суду тлумачэнні па справах. Кажа, што зрабіў гэта на знак салідарнасці з калегамі:

Мне нават няёмка сябе бараніць, калі мае каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сядзяць у турме, калі іншых журналістаў трымаюць за кратамі, калі ў краіне амаль 300 палітзняволеных. Я адмовіўся даваць паказанні на знак салідарнасці і павагі да іх.

Журналіст абмежаваўся кароткім зваротам да суда, дзе падкрэсліў, што не лічыць сябе вінаватым. І працытаваў урывак з рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984» пра тое, што толькі тады жыццё ў краіне можна лічыць нармальным, калі двойчы два – гэта чатыры, і ніхто не імкнецца давесці, што гэта не так.

Гэтую кнігу – пераклад рамана з ангельскай на беларускую Сяргея Шупы – Зміцер падарыў суддзі Андрэю Шыдлоўскаму. Але той адмовіўся ад падарунка, патлумачыўшы, што суддзям гэта забаронена, і што ён увогуле не чытае па-беларуску.

яс