Беларуская Служба

Польскі журналіст пра абвінавачанні Мажэйкі і Пушкіна: Гэта абсурд і цынізм

27.03.2021 09:37
Яраслаў Іванюк сцвярджае, што беларускі рэжым "прымянае чыста фашысцкія метады для пераследу сваіх апанентаў, a гэтых жа апанентаў абвінавачвае ў фашызме".
 -  ,  -
Злева - Алесь Пушкін, справа - Павел Мажэйкаhttps://t.me/by_culture/1637

Да крымінальнай адказнасці за выставу прыцягваюць у Гродне мастака Алеся Пушкіна і журналіста Паўла Мажейку - за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму».

Павел Мажэйка кіраўнік прыватнай установы «Цэнтр гарадскога жыцця», дзе адбывалася выстава Алеся Пушкіна.

«Гэта абсурд і цынізм», кажа польскі журналіст Яраслаў Іванюк.

- Падчас падзеяў у Беларусі і жорсткіх рэпрэсій, калі шмат людзей затрымлівалі, я падумаў "не пасадзяць жа ўсіх, гэта не рэальна". Цяпер, як атрымаў інфармацыю, што затрыманы Павел Мажэйка, я зразумеў, што я памыліўся. Рэжым сапраўды хоча затрымаць усіх, каму хочацца нешта рабіць, хто актыўны і нешта робіць, нават не супраць рэжыму. Людзі актыўныя гэта пагроза для цяперашняга рэжыму. Пры гэтым абвінавачанні, якія высунулі Паўлу Мажэйку і мастаку Алесю Пушкіну проста абсурдныя. У польскай мове ёсць такая прымаўка, што калі злодзей ўцякае са скрадзеным таварам, крычыць: "лавіце злодзея", каб адцягнуць ад сябе ўвагу. І гэты рэжым робіць даклада тое ж - прымянае чыста фашысцкія метады для пераследу сваіх апанентаў, а гэтых жа апанентаў абвінавачвае ў фашызме.

Нагодай для пачатку крымінальнай справы супраць Мажэйкі і Пушкіна стала тое, што 19 сакавіка на выставе карцін мастак змясціў партрэт удзельніка пасляваеннай антысавецкай партызанкі Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы.

У пятніцу Мажэйку выклікалі на допыт у Гарадзенскую пракуратуру, з якой дадому ён не вярнуўся.

Mастак Алесь Пушкін, нягледзячы на завядзенне крымінальнай справы супраць яго, вярнуўся ўчора з Украіны. Сябры кажуць, што ён "не разглядаў для сябе варыянту застацца за мяжой".