У гарадскім пасёлку Карэлічы Следчы камітэт даслаў позву Пякарскай Ганне. Ёй 8 гадоў і яна з бацькам зарэгістраваная ў Карэлічах. З 2019 году Раман Пякарскі з сям'ёй жыве ў Польшчы.
- Я грамадзянін Беларусі, але з 2007 году жыву за мяжою. Дачка нарадзілася ў 2012 годзе ў Кіеве, яна грамадзянка Украіны, але ў Беларусі мае пасведчанне на часовае пражыванне. Я ўспрымаю выклік маёй дачкі як яшчэ адну спробу неяк мяне запалохаць, неяк на мяне націснуць, каб я перастаў займацца тым, чым я займаюся.
Раман Пякарскі расказаў Беларускай службе Польскага радыё, што міліцыя пераследуе не толькі яго. Павестку прыслалі таксама бацьку Рамана ў Карэлічах, інваліду першай групы і маці. Папярэдзілі, што прыйдуць з ператрусам.
- Следчы камітэт і міліцыя таго пасёлку, дзе я нарадзіўся, дзе зарэгістраваны і дзе зараз пражываюць мае бацькі, вельмі даўно пераследуюць мяне і маіх блізкіх за маю пазіцыю, якую я праяўляю ў той сітуацыі, якая зараз адбываецца ў Беларусі. Яшчэ ў прошлым годзе яны такія самыя позвы насылалі майму пляменніку, сыну маёй сястры, якому 13 гадоў. Некалькі разоў выклікалі яго ў міліцыю, бралі тлумачэнні, нават канфіскавалі тэлефон, але зараз ад яго адчапіліся.
За тое, цяпер на Рамана Пякарскага завялі крымінальную справу, але па якім артыкуле, нікому пакуль не сказалі.
Раман Пякарскі плануе звярнуцца да Амбасады Польшчы ў Беларусі з просьбай пра дапамагу высветліць з якой прычыны СК выклікае ягоную непаўналетнюю дачку, польку па нацыянальнасці. Плануе таксама звярнуцца ў Амбасаду Украіны, таму што дачка – грамадзянка Украіны.
У прэс-службе СК атрымаць каментар па выкліку васьмігадовай дзяўчынкі спрабавала атрымаць Hrodna.life. Безвынікова.
Згодна з арт.27 КК крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў – практычна за ўсе ўчыненыя злачынствы. За некаторыя злачынствы можна прыцягнуць з 14 гадоў – напрыклад, забойства, разбой, хуліганства. У іншых выпадках адказнасць за дзіця будуць несці бацькі.
яс