Мінскі гарадскі суд вынес прысуд 25-гадоваму Ціхану Осіпаву за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос: пасля ДТЗ хлопец заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў аб згоне. Ціхана абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса - паведамляе ПЦ Вясна.
Судовая калегія пад старшынствам суддзі Пятра Арлова асудзіла Осіпава да 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пракурор Антон Цюменцаў два разы запрашваў для яго 12 гадоў калоніі. На абвяшчэнні прысуду Ціхан быў без акуляраў і ў кайданках.
Нагадаем, згодна з версіяй абвінавачвання, у ноч з 10 на 11 жніўня «паддаўшыся на заклікі дэструктыўных тэлеграм-каналаў, каля гадзіны ночы 25-гадовы мінчук прыехаў на вуліцу Прытыцкага ў Мінску для ўдзелу ў масавых беспарадках. Малады чалавек знаходзіўся за рулём свайго BMW, з якога папярэдне зняў рэгістрацыйныя знакі. Ігнаруючы патрабаванні міліцыі, кіроўца адмовіўся адчыніць дзверы і застаўся сядзець у машыне. Пасля крануўся з месца і збіў пяцярых вайскоўцаў унутраных войскаў. Наезд быў здзейснены на вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, якія знаходзіліся ў форменным абмундзіраванні і якія прымалі ўдзел у ахове грамадскага парадку».
Паводле версіі следства, мужчына схаваўся з месца здарэння, кінуў аўтамабіль у вадаёме недалёка ад месца здзяйснення злачынства. З мэтай стварэння алібі патэлефанавала ў 102 і заявіў аб згоне. Будучы папярэджаным аб крымінальнай адказнасці за загадзя ілжывы данос, паведаміў недакладную інфармацыю пра абставіны перамяшчэння аўтамабіля і папрасіў арганізаваць яго пошук.
Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы-кантрактнікі вайсковай частцы 5524 Васільчанка, Астапенка, Протас, Воліс, Ляпёшкін. Яны заявілі патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды: Васільчанка – 500 рублёў, Воліс, Ляпёшкін, Ратас, Астапенка – па 200 рублёў. Усе сумы кампенсаваныя да суда. Усе пацярпелыя на судзе заявілі, што прэтэнзіяў да абвінавачанага не маюць.
25-гадовага Ціхана Осіпава судзілі ў красавіку Мінскім гарадскім судзе за наезд на пяць вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні мінулага года. Судовы працэс прайшоў цалкам, у спрэчках пракурор запрасіў для абвінавачанага 12 гадоў калоніі, а адвакат заявіў, што Осіпаў злачынства не здзяйсняў. Заставалася толькі абвясціць прысуд, аднак гэтага не адбылося: крымінальную справу пачалі разглядаць зноўку, з іншымі суддзёй і народнымі засядацелямі. Пасля аднаўлення судовага следства быў заменены суддзя з Дзмітрыя Цыкала на Пятра Арлова. Другое паседжанне прайшло спачатку і яно было амаль ідэнтычным першаму: тыя ж допыты і пытанні. Пацярпелыя вайскоўцы амаль нічога новага не паведамілі суду.
Ціхан Осіпаў хацеў яшчэ раз папрасіць прабачэння ў пацярпелых вайскоўцаў, але на працэс прыйшоў толькі адзін з іх. 14 траўня Ціхан выступіў яшчэ раз з апошнім словам.
«Я рэальна ўсведамляю, што падвергнуў рызыцы здароўе хлопцаў, але спадзяюся, атрымаўшы кампенсацыю, якую я прасіў выплаціць сваіх сваякоў, яны больш не трымаюць на мяне зла і крыўды.
За пэўны час у зняволенні я ўсвядоміў, да чаго можа прывесці пэўная сітуацыя ў жыцці, як з гэтай ілжэзаявай... Прызнаю, што я не маю рацыі, я гэта неспадзявана зрабіў – напісаў ілжэзаяву, раскайваюся ў гэтым, калі напісаў тлумачальную ў РУУС.
З абвінавачаннем пракурора я не згодны. Я лічу, што гэта не правамерна – занадта суровае пакаранне, я адэкватны чалавек, а то цалкам заключэнне, якая зрабіла судова-псіхіятрычная экспертыза, а спецыялісты распісалі мяне як станоўчага і адэкватнага чалавека, я ніколі ў жыцці не пайшоў бы на гвалт, а ўжо на забойства кагосьці – тым больш. Гэта ўвогуле вышэй за мяне, я не разумею, як можна абвінавачваць чалавека ў гэтым.
Я ўдзячны, скажам так, гэтай нагодзе, што ніхто з пацярпелых сур'ёзна не пацярпеў, і яшчэ раз хачу паўтарыць, што прашу ў іх прабачэння. Хачу падзякаваць усіх прысутных у зале, сваіх бацькоў і сяброў за падтрымку.
Спадзяюся, што Высокі суд разбярэцца ў гэтай справе, прыме правільнае рашэнне».
нг