Беларуская Служба

Еўрасаюз зацвердзіў сектаральныя санкцыі адносна Беларусі

24.06.2021 13:21
Абмежаванні тычацца важных галін беларускай эканомікі – нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў і доступу да рынкаў капіталу Еўрасаюзу.
Еўрапейскі парламент PAP/EPA/OLIVIER HOSLET

Уведзеныя абмежаванні закранаюць:

Экспарт і перадачу абсталявання, тэхналогіяў або праграмнага забеспячэння, прызначанага для выкарыстання ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
Экспарт у Беларусь тавараў падвойнага прызначэння для вайсковага выкарыстання.
Экспарт у Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
Імпарт у ЕС нафтапрадуктаў з Беларусі.
Імпарт у ЕС калійных угнаенняў з Беларусі,
Доступ на фінансавыя рынкі ЭС ураду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і суб'ектам.
Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сектары Беларусі.

Адпаведныя пункты рашэння фармулююцца наступным чынам:

Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача з Беларусі 5 гатункаў нафтапрадуктаў.
Забараняецца закупка, імпарт альбо перадача з Беларусі 5 гатункаў вырабаў з хлорыстага калію.
Забараняецца наўпрост ці ўскосна купляць, прадаваць, надаваць інвестыцыйныя паслугі альбо дапамогу ў выпуску зваротных каштоўных папераў з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвестбанку і Белаграпрамбанку.

Забараняецца наўпрост ці ўскосна заключаць альбо ўдзельнічаць у якіх-небудзь дамоўленасцях аб выдачы новых пазыкаў альбо крэдытаў з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён Беларусбанку, Белінвестбанку і Белаграпрамбанку.

Свабода/ав