У судзе Маскоўскага раёна Брэста 4 жніўня вынеслі прысуды сёмай групе па «карагоднай» крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 13 верасня на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі. Пратэстоўцаў разагналі вадамётам.
Цяпер на лаве падсудных палітзняволены будаўнік і актывіст з Пружанаў Ігар Лаптановіч і ягоная жонка-бібліятэкарка Юлія, у іх сям'і трое дзяцей-школьнікаў. Справу супраць сёмай групы па «справе карагодаў», у якую ўваходзілі 12 абвінавачаных, разглядала Вера Філонік. Гэта ўжо шостая суддзя з Брэста, якая ўдзельнічае ў судовым канвееры па самай масавай палітычнай справе ў Брэсце. Дзяржаўнае абвінавачанне падтрымлівалі Генадзь Буры і Вадзім Багатка, якія запатрабавалі суровыя тэрміны пакарання па гэтай справе. Пракурор Буры выступаў дзяржабвінаваўцам па справе забітага Генадзя Шутава і сведкі забойства Аляксандра Кардзюкова.
Каго і як асудзілі? Суддзя Вера Філонік прызначыла наступныя пакаранні фігурантам сёмай групе па «справе карагодаў»:
• Андрасюк Арцём Аляксандравіч – 2 гады «хіміі» (віну не прызнаў);
• Бірукоў Аляксей Валерʼевіч – 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);
• Бірукова Таццяна Юрʼеўна – 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнала віну);
• Дзягцярык Сяргей Васільевіч – 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);
• Дзямʼянка Дарʼя Васільеўна – 2 гады «хатняй хіміі» (не прызнала віну);
• Касцюк Андрэй Пятровіч – 3 гады «хіміі» (не прызнаў віну);
• палітзняволены Лаптановіч Ігар Анатольевіч – 2,5 гады калоніі (не прызнаў віну);
• Лаптановіч Юлія Аляксандраўна (жонка Ігара) – 3 гады «хатняй хіміі» (не прызнала віну);
• Макарэвіч Уладзімір Віктаравіч – 2,5 гады «хіміі» (не прызнаў віну);
• Парфеевец Андрэй Аляксеевіч – 2 гады «хатняй хіміі» (часткова прызнаў віну);
• Пяцінкін Канстанцін Паўлавіч – 2 гады «хатняй хіміі» (прызнаў цалкам віну);
• Шыла Наталля Уладзіміраўна – 2,5 гады «хіміі» (не прызнала віну).
Палітзняволены Ігар Лаптановіч – адзіны, хто быў пад вартай у зале суда. Яго затрымалі 24 сакавіка. З 12 чалавек сем фігурантаў і фігурантак не прызналі віну цалкам.
Па справе «карагодаў» прысуды вынеслі ўжо 67 фігурантам.
Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.
ПЦ "Вясна"/нг