Група экспертаў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) прыбыла ў Мінск для высвятлення абставінаў прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску 23 мая. Аб сустрэчы з экспертамі ICAO паведаміла Міністэрства транспарту і камунікацый, піша партал Naviny.by.
Міністр транспарту Аляксей Аўраменка заявіў, што Беларусь «прадставіць доступ да ўсіх матэрыялаў і інфармацыі для аб'ектыўнага расследавання абставінаў інцыдэнту». «Трэба зрабіць усё, каб грамадзяне нашых краін, як і раней, маглі падарожнічаць па рэгіёне Еўропы і Азіі», – сказаў ён. Прадстаўнікі ІКАО адзначылі, што будуць працаваць ва ўмовах «адкрытасці і абʼектыўнасці», а ў Мінску ім трэба ўдакладніць шэраг фактаў і сабраць дадатковую інфармацыю і матэрыялы.
У прэс-рэлізе гаворыцца, што ў выніку працы экспертаў у Беларусі будзе падрыхтаваны папярэдні даклад, які будзе апублікаваны ў верасні. Канчатковы даклад павінен быць гатовы да лістапада 2022 года.
23 мая ў аэрапорце Мінска адбылася прымусовая пасадка самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, нібыта з-за інфармацыі аб бомбе на борце. Тады беларускія службы затрымалі беларускага апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўку, грамадзянку Расіі, Сафію Сапегу, якія знаходзіліся на борце. Беларускі бок лічыць законнай аварыйную пасадку самалёта Ryanair у Мінску, а заходнія краіны мяркуюць, што пасадка была вымушана ваенным знішчальнікам і пад ціскам кантралёраў. Дзеянні Беларусі асудзілі многія ўрады, у тым ліку Польшча, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў парушэнні міжнароднага права, пірацтве, «дзяржаўным тэрарызме» ды «угоне самалёта». Інцыдэнт з Ryanair прывёў да забароны палётаў над ЕС (і Украінай) для самалётаў з Беларусі, у сваю чаргу машыны з ЕС пазбягаюць паветранай прасторы Беларусі. Заходнія дзяржавы таксама заявілі аб увядзенні новага пакету санкцый у дачыненні краіны пасля інцыдэнту.
PAP/нг