Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам перад удзельнікамі пасяджэння 48-й сесіі Рады правоў чалавека ААН

28.09.2021 15:03
Уладзімір Макей заклікаў не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам Беларусі.
Святлана Ціханоўскаяhttps://twitter.com/Tsihanouskaya/status/1442485521373032449?s=20

Нягледзячы на заклік Макея не даваць слова альтэрнатыўным прадстаўнікам Беларусі, Святлана Ціханоўская выступіла ў ААН.

Яна звярнула ўвагу на колькасць палітвязняў і тысячы беларусаў, арыштаваных з палітычных прычынаў, эскалацыю рэпрэсіяў, у тым ліку супраць журналістаў.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, яна заявіла, што рэжым Лукашэнкі стаў «пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы, і гэты тэрор мусіць быць спынены».

Ціханоўская заклікала падтрымаць спецыяльны мандат Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека для вывучэння парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і прыцягнення да адказнасці вінаватых. У межах гэтага мандату Вярхоўны камісар прызначыла трох экспертаў высокага ўзроўню – Карыну Маскаленку (Расія), Сюзан Базыллі (Канада) і Марку Міланавіча (Сэрбія).

Таксама яна адзначыла працу спецдакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі. Ціханоўская прапанавала ўключыць беларускае пытанне ў парадак Рады Бяспекі ААН і разгледзець у Трэцім камітэце Генеральнай асамблеі.

Макей выступаў супраць альтэрнатыўных галасоў у ААН

27 верасня на сесіі Генеральнай асамблеі ААН міністр замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей выступіў супраць «прасоўвання галасоў грамадзянскай супольнасці» ў ААН.

« Хацелася б нагадаць усім пра існаванне ключавога прынцыпу дзейнасці ААН: «Адна дзяржава – адзін голас«. Выступаем супраць размыцця суверэнітэту дзяржаў – сяброў ААН і стварэння марыянетачных удзельнікаў у выглядзе няўрадавых арганізацый, якія будуць здольныя заглушыць думку самастойных дзяржаў. Бескантрольнае навадненне сістэмы ААН меркаваннем НДА не толькі не дазволіць належным чынам улічыць і нават пачуць іх галасы, але і ўскладніць дасягненне кансэнсусу».

яс/паводле Свабода