Пасля трох сутак арышту вядомага валанцёра Іллю Міронава не выпусцілі на свабоду. Ягоная маці Валянціна паведаміла ў Facebook, што Іллю перавялі ў СІЗА.
Міронава затрымалі 30 верасня. Магчымая прычына — пост у Facebook, у якім ён паспачуваў родным і блізкім загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ Андрэя Зельцара.
Валанцёр з Гомеля Ільля Міронаў вядомы тым, што напісаў больш за 2500 лістоў палітвязням. Ён носіць перадачы ў СІЗА і наведвае суды.
Нядаўна Міронаў ужо адбыў 25 сутак нібыта за пікет. Так суддзя Віктар Казачок патрактаваў надпіс на ягонай майцы – «Пишите письма».
На мінулым тыдні Андрэй Зельцар, па версіі следства, застрэліў супрацоўніка КДБ падчас штурму яго кватэры. Зельцар загінуў у гэтай перастрэлцы. Пасля гэтага сілавікі распачалі маштабную кампанію пераследу тых, хто негатыўна выказваўся ў інтэрнэце пра забітага супрацоўніка КДБ.
Паводле "Радыё Свабода" / вх