Святлана Ціханоўская пракаментавала тэлефонную размову кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля і міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, якая адбылася ў нядзелю. З паведамлення МЗС Беларусі можна было падумаць, што адбылося ледзь не абмеркаванне магчымага дыялогу (і гэта з натхненнем падхапілі прапагандысты).
Барэль пасля напісаў, што сказаў Уладзіміру Макею, што «людзі не павінны выкарыстоўвацца ў якасці зброі», а «цяперашняя сітуацыя [на межах Беларусі з краінамі ЕС] непрымальная». А гэта ўжо зусім іншая карціна.
«Пакуль майго мужа Сяргея Ціханоўскага пазбаўляюць адваката проста падчас суда, жанчын з камер на Акрэсціна катуюць умовамі ўтрымання і адмаўляюць у медычнай дапамозе, а 17-гадовы Мікіта Залатароў з эпілепсіяй, 64-гадовы Рыгор Кастусёў з анкалогіяй, журналістка Ксенія Луцкіна з пухлінай у мозгу і Андрэй Скурко з дыябетам застаюцца за кратамі – ніякі дыялог не магчымы.
Па маіх закліках міжнародная супольнасць ужо шмат разоў звярталася да рэжыму, заклікаючы адкрыць доступ у турмы і на суды – каб убачыць рэальныя ўмовы і аказаць дапамогу. Але за апошні год мы пераканаліся, што рэжым куды больш схільны вырашаць праблемы і выконваць правы замежнікаў, а не грамадзянаў Беларусі.
Таму мы будзем працягваць адстойваць патрабаванні беларускага грамадства, і ніякі дыялог не будзе распачаты за спінамі беларусаў.
Рэжым страціў кантроль над сітуацыяй з міграцыйным крызісам настолькі, што ЕС бярэ дапамогу мігрантам на мяжы ў свае рукі...Няма ніякіх сумненняў, што мэта гэтага тэлефанавання Барэля – папярэджанне, а не старт дыялогу. ЕС у бліжэйшы час аб'явіць 5-ы пакет санкцый супраць рэжыму», - напісала Ціханоўская.
Тэлеграм-канал С. Ціханоўскай/нг