Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін адказаў тэлеканалу «Al Jazeera» на пытанне аб размяшчэнні расейскіх вайсковых баз у Беларусі ва ўмовах мігранцкага крызісу.
Відэа ягонага адказу размясціў тэлеграм-канал вайсковага ведамства.
«Навошта яны нам тут патрэбныя? Калі ў нас ёсць саюзная дзяржава, ёсць паняцце рэгіянальная групоўка войскаў, куды ўваходзіць усе ўзброеныя сілы РБ і частка сіл і сродкаў ад РФ, якіх паводле нашых разлікаў, дастаткова. Калі будзе неабходнасць, ну вось жа ж, Расія зусім побач. Яны ўсе будуць у нас на тэрыторыі.
Размяшчаць авіяцыйныя, яшчэ нейкія базы – яны нам не патрэбныя. Мы выпрацавалі іншы механізм. Мы рыхтуем свае ўзброеныя сілы ў рамках вучэбна-баявых цэнтраў, дзе арганізоўваем сумеснае дзяжурства, вывучаем тэхніку, дзелімся досведам. Ніякіх баз ня будзе. Але калі спатрэбіцца, то тут, як сказаў прэзідэнт, будзе хоць усё расейскае войска».
У верасні для сумеснага баявога дзяжурства ў складзе нядаўна створанага вучэбна-баявога цэнтру сумеснай падрыхтоўкі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расіі заступілі зенітна-ракетныя і авіяцыйныя падраздзяленні дзвюх краін.
Адначасова ў гэты ж час на Гарадзеншчыне заступілі на баявое дзяжурства спецыялісты расійскіх зенітных ракетных войскаў.
"Радыё Свабода" / вх