Беларуская Служба

Дабрачыннасць у Беларусі ператвараецца ў вымаганне грошай

19.11.2021 16:02
На прадпрыемствах просяць узяць удзел у «зборы грошай мігрантам у цяжкай жыццёвай сітуацыі».
Чырвоны крыжhttps://www.nlb.by/by

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа распачало ў лістападзе дабрачынную кампанію для збору сродкаў мігрантам на мяжы з Польшчаю: «Про100 дапамагаем!». Чытачы каналу «Белсат» паведамляюць, што дапамога ператвараецца на некаторых прадпрыемствах у настойлівае вымаганне грошай. А за просьбаю дапамагчы крыецца загад начальства, невыкананне якога можа пацягнуць адпаведныя наступствы.

У філіяле «Мінскія цеплавыя сеткі» начальнікаў структурных падраздзяленняў просяць узяць удзел у «зборы грошай мігрантам у цяжкай жыццёвай сітуацыі». На гэтыя сродкі ў буфеце філіялу маюць закупіць харчы для мігрантаў.

Працаўнікі паведамляюць, што паперка са спісам ахвярадаўцаў, хутчэй за ўсё, ляжа на стол намесніка дырэктара прадпрыемства, каб ён пабачыў, хто здаў, а хто не.

Сітуацыя, калі дабрачыннасць ператвараецца ў вымаганне, назіраецца не толькі ў «Мінскіх цеплавых сетках». Чытачы паведамляць, што агракамбінату «Дзяржынскі» загадалі аддаваць сваю прадукцыю мігрантам у гатэльным комплексе «Веста» каля Дзяржынска.

Сродкі для ўцекачоў збірае і «Беларускі саюз жанчын», жыхароў Драгічына «папрасілі» напісаць заявы з просьбаю штомесяц пералічваць грошы на рахунак раённай арганізацыі «Беларускага саюзу жанчын».

Да збору гуманітарнай дапамогі далучыліся БРСМ, сацыяльныя службы абслугоўвання насельніцтва, навучальныя ўстановы ды іншыя арганізацыі па ўсёй краіне. Амаль усюды дабрачыннасць падмацоўваецца і рэгламентуецца лістамі ды інструкцыямі з аддзелаў ідэалогіі.
яс