Святлана Ціханоўская ў 23.46 звярнулася да беларусаў.
«Я таксама злуюся. Мы думалі, што не павінна быць так доўга. Не павінна быць так складана. Не павінна быць столькі страт. Мы захацелі новую краіну і новую будучыню. І мяне таксама злуе, што ў адказ на гэта беларусы атрымалі помсту, гвалт і крызіс. Злуе, што ўвесь год бюджэт краіны спускалі на даўгі і машыну рэпрэсій – коштам таго, што прадукты станавіліся ўсё даражэй, а чэргі да лекараў – усё даўжэй. Злуе, што нас пазбавілі пачуцця бяспекі ў сваёй хаце. Злуе, калі мне кажуць, што ўсё было дарма», – пачала Ціханоўская па-расійску.
Пазней яна згадала цяжкасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца беларусам у мінулым годзе. І надзею на новую Беларусь. Гэты фрагмент звароту прагучаў ужо на беларускай мове. Да Святланы далучыліся іншыя актывісты дэмакратычнага руху – Павел Латушка, Мікалай Халезін, Валер Кавалеўскі, Вадзім Пракоп'еў, Маргарыта Ляўчук ды іншыя.