Беларуская Служба

У Польшчы затрымалі беларуса, які пераправіў праз мяжу 160 метэазондаў з цыгарэтамі

27.04.2026 15:13
Памежная служба Польшчы расследуе справу арганізаванай злачыннай групы, якая за 11 месяцаў пераправіла праз беларуска-польскую мяжу 160 метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі.
Метэазонд з кантрабанднымі цыгарэтаміStraż Graniczna

Аднаго грамадзяніна Беларусі затрымалі, паведаміла Рэгіянальная пракуратура ў Любліне.

Устаноўлена, што АЗГ дзейнічала з мая 2025-га па красавік 2026 года на тэрыторыі Падляшскага, Люблінскага і Мазавецкага ваяводстваў. Яе ўдзельнікі перапраўлялі цыгарэты з Беларусі ў Польшчу пры дапамозе метэазондаў. Калі шары прызямляліся ў Польшчы, цыгарэты перадавалі іншым членам групы для далейшай рэалізацыі.

34-гадоваму беларусу Міхаілу С. прад'явілі чатыры абвінавачанні: у кіраўніцтве злачыннай групай, кантрабандзе, парушэнні санкцыйнага рэжыму, а таксама парушэнні авіяцыйнага заканадаўства.

Паводле абвінавачання, Міхаіл С. арганізаваў дастаўку на тэрыторыю Польшчы пры дапамозе 160 метэазондаў не менш як 240 тыс. пачкаў цыгарэт розных марак. У выніку гэтага бюджэт Польшчы недаатрымаў акцызы на агульную суму не менш за 6 мільёнаў злотых. Адзначаецца, што мужчына выкарыстоўваў кантрабанду як пастаянны сродак атрымання даходаў.

Падчас допыту беларус часткова прызнаў віну ў кантрабандзе. За кіраўніцтва злачыннай групай мужчыне пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі, за парушэнне санкцыйнага рэжыму — не менш за тры гады.

яс