Беларуская Служба

Міліцыя закатавала ў навагоднюю ноч жыхара Рэчыцы

02.01.2022 12:30
Сваякі распавялі, што хлопца да смерці збілі ў РАУСе, дзе міліцыянты катавалі яго ды аблівалі вадой.
 .
Дзмітрый УСХОПАЎ. Ілюстрацыйны здымакФота з сацсетак Дзмітрыя Усхопава.

Паводле «Палескай Вясны», у навагодні вечар 28-гадовы жыхар Рэчыцы Зміцер Усхопаў памёр у прыёмным пакоі раённай бальніцы.

Сваякі памерлага расказваюць, што ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня яго затрымаў міліцэйскі патруль. Праз нейкі час міліцыянты прывезлі яго ў прымальны пакой бальніцы ў стане клінічнай смерці. Калі яго пабачылі родзічы, адзенне на ім было разарванае, ён быў увесь аж да ніжняй бялізны абліты вадой. На левай скроні рана. Запясці на руках, дзе надзяваюць кайданкі, былі сінія.

Наша Ніва» пагаварыла з маці Усхопава, Аленай Міхайлаўнай. Вось што яна расказала.

—Яны яго забілі — міліцыя забіла. Я ўдава афганца, усё пішыце!.. А сына я ад міліцыянера нарадзіла… Закатавалі сына як Ісуса Хрыста, толькі яму 28 год… Хай нясуць мяне разам з сынам і кладуць у зямлю побач.

 — Як ён трапіў у міліцыю? Чаму ён там быў?

— Ён ехаў да мяне Новы год адзначаць, стаяў на прыпынку з сябрам: «Я зараз пад’еду», — звоніць. Яны там пілі шампанскае і закусвалі мандарынам. А тут усё, ехалі: распіццё. Рукі заламалі. А ён кажа — я да мамы еду, выпусціце, не затрымлівайце… А потым яны там яго яго… на скроні рана, спіна сіняя, рукі сінія. Майка на кавалкі разарваная, як вугаль яго цела. Я больш не магу гаварыць…

Бацька, Аляксандр Леанідавіч, сказаў «Нашай Ніве»:

— У міліцыі нам сказалі «памёр», а калі прыйшлі забіраць у морг, сказалі «а, гэта той, якога забілі?».

юл