Беларуская Служба

Лукашэнка ўпершыню пацвердзіў удзел Беларусі ў вайне ва Украіне

04.10.2022 13:12
Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне».
Аляксандр ЛукашэнкаАўтар: Okras - Уласны твор, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=34558726

Ён выкарыстаў гэты прыдуманы ўладамі Расеі эўфемізм, каб не называць слова «вайна», піша Наша Ніва. Сваю заяву ён зрабіў на нарадзе па пытаннях ваеннай бяспекі ў Мінабароны Беларусі 4 кастрычніка. Яго словы перадае дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязацельстваў», – заявіў кіраўнік беларускай адміністрацыі.

«Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што Украіна «сама правакуе на мяжы». Паводле яго, суседняя краіна сцягнула да беларускай граніцы групоўку да 15 тысяч ваеннаслужачых, ажыццяўляе там інжынернае абсталяванне блокпастоў і агнявых пазіцый.

«Не проста забарыкадзіравалася, а пабудавала сцяну. Пастаянна вядзе аптычную, радыёэлектронную, радыётэхнічную разведку нашай тэрыторыі, войскаў, аб'ектаў. Часцяком з парушэннем сваімі беспілотнікамі лініі дзяржаўнай мяжы. І ў той жа час перажываюць і парацца наконт таго, «ах, як бы Беларусь не ўступіла ў вайну». І пастаянна правакацыі на граніцы», – сказаў Лукашэнка.

Ён прагназуе далейшую эскалацыю канфлікта. «У бліжэйшы час не трэба чакаць зніжэння напружанасці. Наадварот, Расія нарасціць намаганні ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Захад у сваёй вайне з ёй будзе імкнуцца яшчэ больш узбройваць Украіну», – мяркуе ён.

У той жа час Лукашэнка «ўпэўнены, што ў Беларусі няма неабходнасці абʼяўляць мабілізацыю», – цытуе яго БелТА.

ав/НН