На праўладных тэлеграм-каналах з'явілася відэа з удзелам вядомага футбаліста Аляксандра Яцкевіча. Гаворыцца, што мужчына адрэагаваў у інтэрнэце на рассылку ByPol, але чат-бот аказаўся несапраўдным. Імаверна, яго заснавалі сілавікі.
У той жа час выданне «Трыбуна» паведамляе, што былога нападаючага «Крумкачоў» затрымалі з-за акцыі падчас кубкавага матчу супраць мінскага «Дынама» 1 верасня 2020-га. Тады футбалісты каманды перад матчам выйшлі ў майках «Мы супраць гвалту». Пасля гульні многія футбалісты «Крумкачоў» пакідалі поле ў футболках з надпісам «Мы з народам».
38-гадовы Яцкевіч выступаў за жодзінскае «Тарпеда», наваполацкі «Нафтан», «Слуцак», менскія «Крумкачы» і іншыя клюбы. Гулец правёў каля 300 матчаў у беларускай найвышэйшай лізе, гэта высокі паказнік. Сёлета ў сакавіку футбаліст скончыў прафесійную кар'еру. Ён з'яўляецца найлепшым бамбардзірам у гісторыі «Крумкачоў».
Раней быў рэпрэсаваны іншы гулец «Крумкачоў», журналіст Аляксандр Івулін. За ўдзел у пратэстах яму прысудзілі два гады калоніі паводле «народнага» 342-га артыкула. Ён быў прызнаны палітвязнем. У лютым Івулін адбыў тэрмін, выйшаў на волю і неўзабаве з'ехаў з Беларусі.
вх