Беларуская Служба

З-за прысуду па «палітычным» артыкуле быў звольнены журналіст дзяржаўнага выдання

25.04.2023 14:49
Андрэй Расафонаў працаваў у раённай газеце «Драгічынскі веснік», паведамляе «Берасцейская Вясна».
Андрэй Расафонаў @viasna_brest

На сайце выдання можна знайсці яго артыкулы ад 2015 года — і да 2 снежня 2022. І вось ужо паўгода дзяржаўная раёнка не публікуе матэрыялы карэспандэнта.

Па інфармацыі @viasna_brest, Расафонава звольнілі з дзяржгазеты праз суд па арт.19.11 КоАП (Распаўсюд, захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў).

«Правапарушэнне» вынайшлі, калі журналіста выклікалі ў мясцовы ваенкамат для зверкі дадзеных. Там у яго запатрабаваў тэлефон супрацоўнік КДБ. Праглядзеўшы прыладу, журналіста адразу затрымалі. У РАУС Расафонаў быў змешчаны ў ІЧУ на трое сутак да суда. Па рашэнню суда Андрэй быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь з канфіскацыяй тэлефона.

Пасля гэтага Расафонаў быў звольнены з раёнкі «па згодзе бакоў». Яго ўзялі адміністратарам у краму «Остров чистоты», але ж папрацаваць там атрымалася нядоўга: пасля званка з адпаведнай установы ён быў ізноў звольнены.

Крыніца: ПЦ «Вясна»