Беларуская Служба

Крыніца «Зеркало» распавяла, у якім стане Алеся Пушкіна даставілі ў лякарню

12.07.2023 11:05
Алеся Пушкіна ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі прывезлі паміраючага і ў непрытомным стане.
   .
Акцыя памяці ў Кракаве.Фота з адкрытых крыніц

Пра гэта «Зеркало» распавяла крыніца, знаёмая з сітуацыяй у БХМД Гродна. Паводле яго слоў, у палітвязня мастака была дыягнаставана прабадная язва. Крыніца лічыць, што ў медыцынскай часткі гродзенскай турмы № 1 не маглі не заўважыць сімптомы гэтага, але не аказалі своечасовую дапамогу.

Па словах Ягора (імя змененае ў мэтах бяспекі) турэмныя лекары маглі без цяжкасцяў зразумець, што адбываецца з Алесем Пушкіным, таму што сімптомы прабаднай язвы цяжка з чымсьці зблытаць:

– Асаблівасць прабаднай язвы ў тым, што чалавек адразу адчувае яе з'яўленне. У сценцы страўніка ўтворыцца дзірка, змесціва страўніка пападае ў брушную паражніну і брушына запаляецца. Чалавек адчувае гэта як удар нажа ў жывот, гэта тыповы сімптом. Не скардзіцца на гэта ён не мог, таму што боль вельмі моцны. Чалавек ляжыць, ногі і рукі прыціснутыя да жывата для таго, каб паменшыць абʼём брушнай паражніны і ціск.

Калі пры такой паталогіі своечасова аказаць дапамогу, то верагоднасць пасляаперацыйнай смяротнасці складзе дзясятыя долі працэнта.

- Мабыць, яму некалькі дзён не аказвалі дапамогу, таму што мала таго, што быў запушчаны перытаніт (запаленне брушнай паражніны), дык яшчэ і паліорганная недастатковасць, з прычыны перытаніта, сэпсіс і нават дзірка ў дыяфрагме. Гэта сведчыць аб тым, што працэс працягваўся не гадзіну-дзве, а, хутчэй за ўсё, некалькі сутак. Увесь гэты час не аказвалася дапамога, – кажа наш суразмоўца.

Па словах Ягора, у лекараў медчасткі ў турме былі ўсе шанцы выратаваць Алеся Пушкіна:

- Зразумела, што ніхто не можа зрабіць у турме аперацыю, але сімптомы зразумелыя, дастаткова своечасова выклікаць хуткую дапамогу, якая даставіць пацыента ў бальніцу, дзе яму своечасова зробяць аперацыю.

Па словах Ягора, прабадная язва – адна з тыповых турэмных хвароб. Напрыклад, такі ж дыягназ быў у Марыі Калеснікавай, якую ўдалося выратаваць.

– Калі я прачытаў навіну аб Марыі Калеснікавай, то адразу зразумеў, што ў яе запушчаная прабадная язва, але ёй проста пашанцавала, яна маладзейшая. У турме агіднае харчаванне – скарынка хлеба і шклянка гарбаты чалавека не вылечаць. Атрымаць неабходныя медыкаменты з перадач немагчыма. Натуральна, у людзей назапашваюцца хранічныя праблемы. Але найважнейшае – ігнараванне скаргаў ад палітычных зняволеных. «Калі ты «змагар«, то мучайся» – такое стаўленне не рэдка ў беларускіх турмах, – заключае суразмоўца «Зеркало».

яс