Беларуская Служба

Беларусы згадваюць ахвяр сталінскіх рэпрэсій

29.10.2023 16:11
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальнай эліты. 
Урочышча Курапаты Фота: Andrej Kuźniečyk/wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальнай эліты. Гэта дата ўвайшла ў гісторыю краіны як «Ноч расстраляных паэтаў».

Сярод расстраляных былі 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Найстарэйшаму з забітых камуністамі, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых былі паэт і перакладчык Юлі Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пятро Хатулёў (25), пэдагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25).

На працягу многіх гадоў жалобныя акцыі праходзілі ў месцы масавай згубы ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Цяпер яго наведванне нават у звычайны дзень можа абярнуцца арыштам.

Упершыню аб тым, што НКУС праводзіў у Курапатах масавыя расстрэлы, стала шырока вядома 3 чэрвеня 1988 года – пасля выхаду артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты: дарога смерці». Па розных ацэнках, у 1937-1941 гадах ва ўрочышчы былі забітыя і пахаваныя ад 30 да 250 тысяч чалавек: беларусаў, палякаў, габрэяў, літоўцаў і рускіх. Пасля прыходу да ўлады ў Аляксандра Лукашэнкі Курапаты сталі апаганьвацца на дзяржаўным узроўні.

Сёлета жалобныя мерапрыемствы з нагоды «Ночы растраляных паэтаў» запланаваныя ў 12 краінах свету, а таксама онлайн, у тым ліку, у Бельгіі, Бразіліі, Грузіі, ЗША, Літве, Нямеччыне, Польшчы.

эж

Мастацтвазнавец Валеры Буйвал: Артыкул «Курапаты – дарога смерці» стаў каталізатарам нацыянальнага адраджэння ў Беларусі

02.06.2023 14:42
35 год таму, дзякуючы артыкулу, шырокім колам насельніцтва Беларусі ўпершыню стала вядома аб забойстве дзясяткаў тысяч чалавек супрацоўнікамі НКУС ва ўрочышчы Курапаты.

«Ноч паэтаў» сёлета ахопіць сама меней 13 краінаў сьвету

28.10.2023 12:21
Штогод 29 кастрычніка беларусы ўшаноўваюць памяць расстраляных савецкай уладай 108 беларускіх інтэлігентаў.