Беларуская Служба

Алесь Пушкін прызнаны «Чалавекам Cвабоды»

14.12.2023 13:09
Мастак, рэстаўратар, перформер Алесь Пушкін стаў пасмяротным лаўрэатам прэміі «Чалавек Cвабоды – 2023».
Ілюстрацыйнае фотаhttps://www.svaboda.org/

Беларуская служба Радыё Свабода штогод прысуджае гэтую ўзнагароду тым, хто пашырае межы свабоды для сябе, Беларусі, свету.

Сёлета рэдакцыя прысудзіла пасмяротна прэмію вядомаму беларускаму мастаку Алесю Пушкіну, які загінуў у лукашысцкім зняволенні.

Рэдакцыя напісала, тлумачачы свой выбар, што Алесь Пушкін ствараў беларускі свет на мастацкіх палотнах і ў царкоўных абразах, на адзіночных пікетах і масавых акцыях пратэсту, малюючы беларускіх герояў і аднаўляючы архітэктурныя помнікі, размаўляючы па-беларуску і выхоўваючы дзяцей беларусамі. «Беларусь — мая зямля, беларускамоўны Пушкін тут — рэальнасьць», — фармуляваў ён сваё крэда.

Радыё Свабода  нагадвае, што Пушкіна выключалі з універсітэту, паслалі ваяваць у Афганістан, затрымлівалі, звальнялі, судзілі, білі... А ён працягваў цьвердзіць сваё: «Я хачу, каб над намі не было акупантаў. І Лукашэнка — гэта ёсць акупацыя».

Увесну 2021-га творца вярнуўся з кіеўскай выставы на радзіму, дзе на яго была заведзеная крымінальная справа за карціну антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара. «Гэта і ёсць пераслед мяне з боку дзяржаўных інстытуцый цяперашняй улады за творчую дзейнасць, іншадумства, неабыякавае стаўленне да гісторыі свайго краю», — пісаў Пушкін ужо з-за кратаў улетку 2021-га.

11 ліпеня 2023 году, пасля васьмі месяцаў у невыносных умовах крытай гродзенскай турмы № 1, 57-гадовы Алесь Пушкін памёр у шпіталі хуткай дапамогі Горадні. У дакументах «прычына смерці невядомая». 13 ліпеня мастака пахавалі на яго радзіме ў вёсцы Бобр, нагадвае Радыё Свабода.

Крыніца: Радыё Свабода