Беларуская Служба

На Віцебшчыне ўлады працягваюць праводзіць «стэрыльную» выбарчую кампанію

29.01.2024 17:03
Цяперашнія выбары адзначаюцца «засакрэчанымі» спісамі выбарчых камісій, адсутнасцю незалежных назіральнікаў і поўнай апатыяй з боку грамадзянаў.
Выбарыulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Выбарчы працэс у Беларусі не адпавядае шэрагу ключавых міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных свабодных выбараў. Узровень кантролю за працэсам з боку ўлад беспрэцэдэнтны. Нават фармаванне выбарчых камісій праходзіць несвабодна і закрыта. Так у Вушацкім раёне было прынята рашэнне ўтварыць 12 участковых выбарчых камісій. Трэба адзначыць, што ў фармаванні выбарчых камісій не прынялі ўдзел працоўныя калектывы, а склады камісій улады засакрэцілі – на сайце выканкама і ў мясцовай дзяржаўнай газеце адсутнічаюць звесткі пра членаў выбарчых камісій, іх кіраўнікоў.

Тэрытарыяльныя і акружныя камісіі зарэгістравалі толькі 20% назіральнікаў ад мінімальна патрэбных. Усе яны прадстаўнікі праўладных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Незалежныя мясцовыя, а тым больш, міжнародныя назіральнікі ў гэтых спісах адсутнічаюць.

Выбары – 2024, як і любыя палітычныя падзеі, жыхары Віцебшчыны не лічаць для сябе значнымі, а на дзяржаўныя ідэалагічныя кампаніі людзі проста не звяртаюць увагі.

Для Беларускай службы Польскага радыё Святаслаў Бруйко, Віцебск