Беларуская Служба

Беларусь адправіла праз расійскія парты 14,1 млн тон грузаў

05.02.2024 12:01
Да 2025 года рэжым плануе забяспечыць аб'ём перавалкі на 15 млн тон грузаў, у асноўным праз парты Санкт-Пецярбурга.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.pixabay.com/Pixabay License

У 2023 годзе Беларусь адправіла праз расійскія парты 14,1 млн тон грузаў, з якіх 12,9 млн тон праз парты Санкт-Пецярбурга. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання расказаў пасол краіны ў РФ Дзмітрый Круты, паведамляе reform.by. Паводле яго, абʼёмы перавалкі выраслі ў разы ў параўнанні з 2021-2022 гадамі.

Круты адзначыў, што чыгункі Беларусі і Расіі ўжо ўзгаднілі план прац па павелічэнні прапускной здольнасці на Санкт-Пецярбург.

«Першы этап – будаўніцтва сямі разʼездаў, гэта значыць аднаўленне разʼездаў, якія пасля Савецкага Саюза былі фактычна закансерваваныя, іх трэба вельмі аператыўна і хутка аднавіць. Базавая задача – забяспечыць да 2025 года абʼём перавалкі на 15 млн тон нашых грузаў, выкарыстоўваючы парты Санкт-Пецярбурга », – дадаў ён.

У далейшым мяркуецца выкарыстоўваць Мурманск і Паўночны марскі шлях для дастаўкі грузаў у Кітай. «Скарачэнне тэрмінаў і бяспека гэтага лагістычнага маршруту відавочныя. Самі расіяне зараз яго актыўна пачынаюць выкарыстоўваць. Кітайскія лагістычныя кампаніі пачынаюць яго таксама вельмі актыўна асвойваць(…) Такія планы ў нас ёсць, я думаю, у першым паўгоддзі мы па мурманскіх варыянтах ужо канчаткова вызначымся», – паясніў амбасадар.

аз