Беларуская Служба

У Мінску ў 2023 годзе завялі больш за 2,5 тысячы спраў за «экстрэмізм»

12.02.2024 11:38
У 2023 годзе ў Мінску было распачата 2580 крымінальных справаў па «экстрэмісцкіх» артыкулах.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ErikaWittlieb/CC0 Public Domain/pixabay.com

Летась у Мінску было распачата 2580 крымінальных справаў па «экстрэмісцкіх» артыкулах, звязаных з выбарамі ў 2020 годзе. Пра гэта агенцтву «Мінск-Навіны» паведаміла афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Кацярына Гарлінская.

Работа па ўстанаўленні асобы ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года праводзіцца штодня, заявіла прадстаўніца ведамства.

У 2023 годзе ў Мінску было распачата 2580 крымінальных справаў па «экстрэмісцкіх» артыкулах. 1003 чалавекі прызнаныя падазраванымі ў «грубым парушэнні грамадскага парадку» (ч. 1 арт. 342 КК), больш за 1000 спраў распачата за «абразу» Лукашэнкі і сілавікоў у інтэрнэце.

- Увераваўшы ў поўную ананімнасць і беспакаранасць, гэтыя грамадзяне лічаць неабходным выказваць меркаванне па розных пытаннях, натуральна, выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку і абразы ў адрас прадстаўнікоў улады і любога, хто яе падтрымлівае. Не аглядаючыся на сваіх папярэднікаў, у дачыненні да якіх ужо вынесеныя абвінаваўчыя прысуды, такія каментатары запалохваюць насельніцтва, супрацоўнікаў дзяржорганаў, пагражаюць расправай іх сем'ям, – заявіла Гарлінская.

У ліку «экстрэмісцкіх» артыкулаў, па якіх заводзяць крымінальныя справы на менчукоў, – ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Аляксандра Лукашэнкі), ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый) і ч. 1 арт. 130 КК (Наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай прыналежнасці).

вх