У Еўрасаюзе адрэагавалі на чарговую смерць палітвязня ў беларускай калоніі. Напярэдадні стала вядома пра гібель у зняволенні Ігара Ледніка, журналіста і былога сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведамляе euroradio.
«Трагічная смерць Ігара Ледніка ў турме паказвае нечалавечы маштаб рэпрэсій Лукашэнкі», – напісаў у сацсетцы X афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы замежных сувязяў Петэр Стана, нагадаўшы, што ў Беларусі больш за 1400 палітычных вязняў, і «з імі жорстка абыходзяцца або пазбаўляюць медыцынскай дапамогі».
«Рэжым нясе адказнасць за іх жыццё і здароўе і будзе прыцягнуты да адказнасці», – чарговы раз падкрэсліў прадстаўнік ЕС.
Перад смерцю Ігара Ледніка даставілі з Бабруйскай калоніі ў Мінскую раённую бальніцу. У яго спынілася сэрца. Медыкі спрабавалі яго рэанімаваць, але беспаспяхова.
Ігара Ледніка затрымалі ў красавіку 2022 года за артыкул у партыйным часопісе БСДП. Улады ўбачылі ў публікацыі «паклёп» на Лукашэнку.
эж