Дырэктар БДІПЧ Матэа Мекачы адзначыў, што многія праваабаронцы, актывісты і простыя грамадзяне, якія выказваюць нязгоду, былі асуджаныя, заключаныя ў турму і падвергліся пераследам. Праваабарончая праца можа ўключаць у сябе крытыку ўрада і спрыяе дабрабыту любога грамадства. Сумна бачыць, што гэтая праца цяпер крыміналізаваная ў Беларусі, адзначылі ў БДІПЧ.
«Мы яшчэ раз заклікаем улады Беларусі паважаць правы праваабаронцаў і ўсіх грамадзян, паколькі на карту пастаўлена здароўе і нават жыццё гэтых грамадзян ды іх сем'яў».
БДІПЧ заяўляе пра «сур'ёзную занепакоенасць» арыштамі людзей за ўдзел у пратэстах або за дзеянні ў сацсетках і заклікае вызваліць усіх несправядліва затрыманых.
У арганізацыі мяркуюць, што рашэнне беларускіх уладаў не накіроўваць запрашэнне назіраць за выбарамі «пазбавіла грамадзян ды інстытуты краіны магчымасці атрымаць бесстароннюю, празрыстую і ўсебаковую ацэнку з боку міжнароднага органа».
«Хоць Бюро не можа назіраць за выбарамі, БДІПЧ працягвае ўважліва сачыць за падзеямі ў Беларусі і іх наступствамі для дэмакратыі і правоў чалавека ва ўсіх галінах, ахоплівае яго мандатам».
Тым часам ЦВК Беларусі паведаміла пра «дастаткова высокую» яўку на выбарах у парламент. За два дні датэрміновага галасавання яна быццам бы склала 14,61%.
вх