У Беларусі пачалося галасаванне ў рамках адзінага дня галасавання, падчас якога лукашысты збіраюцца «выбіраць» дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. З 20 лютага да 24 лютага праходзіць датэрміновае галасаванне. Адзіны дзень выбараў - 25-га лютага. Па дзяржаўнаму тэлебачанню паказалі, як улады рыхтуюцца да іх правядзення галасавання.
Мліцыя заявіла, што чакае правакацый і збіраецца іх нейтралізаваць, арыштоўваючы выбарцаў, якія захочуць сфатаграфаваць бюлетэнь. З аўторка асабісты склад міліцыі перавялі на ўзмоцнены варыянт службы. Паводле інфармацыі МУС, больш за 10 тысяч чалавек возьмуць пад кантроль выбарчыя ўчасткі. Ахоўваць участкі ў дні галасавання будуць не толькі міліцыянты, але і байцы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку БРСМ, а таксама ветэраны міліцыі. Апроч таго ўлады стварылі мабільныя групы хуткага рэагавання.
У Гомелі на пасяджэнні абласной выбарчай камісіі абмяркоўвалася пытанне гатоўнасці ўчастковых камісій і участкаў для галасавання да адзінага дня галасавання. Таксама ўздымалася пытанне фінансавання акруговых, тэрытарыяльных і ўчастковых выбаркамаў.
Як адзначыў старшыня абласной выбарчай камісіі Пётр Кірычэнка, на ўсіх аб'ектах галасавання праведзена адпрацоўка планаў дзеянняў персаналу на выпадак узнікнення надзвычайных становішчаў, плануецца дзяжурства ратавальнікаў на месцах. Вядзецца работа па аснашчэнні ўчасткаў сістэмамі відэакантролю.
Прадстаўнік абласнога аддзялення «Белтэлекам» паведаміў, што арганізацыя будзе абмяжоўваць уваходныя міжнародныя званкі на тэлефоны ў выбарчых участках. З якой мэтай робяцца такія захады – невядома, паколькі большасць выбарчых участкаў знаходзяцца ва ўстановах адукацыі і патрэбы ў міжнародных тэлефонных камунікацыях у іх няма.
У бліжэйшыя дні ў Беларусі павялічваецца рызыка адвольных затрыманняў, выклікаў на «размову», а таксама праверак людзей, якія знаходзяцца на «хатняй хіміі», папярэджваюць праваабронцы.
Крыніца: «Праваабаронцы за свабодныя выбары»