Беларуская Служба

Жазэп Барэль: У новых беларускіх дэпутатаў няма легітымнасці

27.02.2024 09:00
У Еўрасаюзе асудзілі працэс выбараў у Беларусі, назваўшы яго непразрыстым.
Жазэп Барэль Foto: Аўтар: Unión Europea en Perú from Lima, Perú - Josep Borrell, CC BY 2.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=89104805

Легітымнасць выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў, якія адбыліся ў Беларусі 25 лютага, была сур’ёзна падарваная «пастаянным узрастаннем і беспрэцэдэнтным узроўнем рэпрэсій, парушэння правоў чалавека, абмежаванняў на ўдзел у палітычным жыцці і доступ да незалежных СМІ», адзначыў вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

«У гэтым кантэксце відавочна, што ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў не былі выкананыя, а новыя прадстаўнікі парламента і мясцовых саветаў не маюць дэмакратычнай легітымнасці», – канстатаваў еўрапейскі чыноўнік.

Барэль выказаў шкадаванне з нагоды факту, што ўлады ў Мінску не запрасілі на выбары назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ (БДІПЧ). На яго думку, гэта «яшчэ раз сведчыць пра недастатковую празрыстасць выбарчага працэсу і няздольнасць забяспечыць яго адпаведнасць міжнародным выбарчым стандартам».

Еўрапейскі чыноўнік чарговы раз заклікаў афіцыйны Мінск да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і іх эфектыўнай рэабілітацыі.

«Свабода» нагадвае, што што на выбары запрасілі толькі арганізацыі, лаяльныя Маскве ці залежныя ад яе. Назіральнікі ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ і незалежныя беларускія назіральнікі на выбары допуску не атрымалі.

аз

Павал Латушка: Лукашэнка хоча правесці прэзідэнцкія выбары 23 лютага 2025 года

26.02.2024 12:18
Учора ў Беларусі адбыліся «выбары» ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы дэпутатаў. Апазіцыя паслядоўна называе іх «бязвыбарамі».