Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

У Гродне мужчыну пакаралі арыштам за два гваздзікі ў памяць пра Навальнага

29.02.2024 11:52
Інфармацыя з’явілася ў банку судовых рашэнняў, але прозвішчы і дакладныя даты невядомыя, бо рашэнне ананімізавана.
.
А. Навальны Фота: Shutterstock/Jonas Petrovas

У Гродне мужчына прыехаў на таксі да генконсульства Расійскай Федэрацыі. Ён паклаў ля плота консульства фота Аляксея Навальнага памерам 20 смх14,5 см і дзве гваздзікі, зрабіў фота. У гэты час ля консульства дзяжурыла міліцыя. Мужчыну затрымалі і судзілі за пікетаванне. Рашэнне з’явілася ў банку судовых рашэнняў. Прозвішчы і дакладныя даты невядомыя, бо рашэнне ананімізавана.

Справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёна 20 лютага паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Мужчына нібыта парушыў закон «Аб масавых мерапрыемствах», паколькі пікетаваў без дазволу Гродзенскага гарвыканкама. Яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

У Расіі тых, хто выходзіў пасля смерці Навальнага, таксама затрымлівалі, кветкі, фота і свечкі прыбіралі. Вядома пра выпадкі арышту. Паводле звестак расійскага праваабарончага праекта «ОВД-Инфо», з 16 да 18 лютага затрымалі больш за 340 чалавек у 30 гарадах.

Інфармацыя пра смерць расійскага палітыка Аляксея Навальнага ў папраўчай калоніі «Полярный волк» з’явілася 16 лютага. Паведамілі, што яму стала дрэнна пасля прагулкі. На днях Марыя Пеўчых распавяла, што Навальнага планавалі абмяняць на кілера Вадзіма Красікава, асуджанага за забойства ў Берліне. Яго ўдава Юлія Навальная паабяцала працягнуць справу мужа.

Толькі 24 лютага цела перадалі яго маці. У канцы тыдня плануецца правесці публічнае развітанне з палітыкам.

Аляксей Навальны – стваральнік «Фонду барацьбы з карупцыяй». Лічыўся галоўным апанентам Уладзіміра Пуціна. У 2020 годзе быў атручаны ядам з групы «Навічок». Пасля лячэння ў Германіі вярнуўся ў Расію, у аэрапорце быў затрыманы.

Паводле Hrodna.life/вх