Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ПВТ цяпер афіцыйна патрабуе ад рэзідэнтаў не расказваць праўду пра рэаліі работы ў Беларусі

29.02.2024 15:06
Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій унесла змены ў дамову з рэзідэнтамі і рассылае іх на подпіс кіраўнікам кампаній.
.
.Photo: ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Новы пункт патрабуе спыніць «дыскрэдытацыю Беларусі»,піша Наша Ніва.

«Пры ажыццяўленні дзейнасці ў Парку высокіх тэхналогій, кіраўнік, заснавальнікі (удзельнікі, уласнікі маёмасці) Рэзідэнта абавязаныя не дапускаць распаўсюду інфармацыі, якая дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь, дзяржаўныя органы і арганізацыі, наносіць шкоду рэпутацыі іх адказных асоб, а таксама дзеянняў у шкоду нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў новым дадатку да Дамовы паміж Адміністрацыяй ПВТ і рэзідэнтамі парка.

Гэты дадатак адміністрацыя парка пачала рассылаць па кампаніях, атрыманне «Нашай Ніве» пацвердзілі кіраўнікі некалькіх фірм.

Прадстаўнікі ІТ-бізнэсу ўспрымаюць гэтае патрабаванне з іроніяй і пэўным разуменнем.

«Намеснікаў па бяспецы ў нашы кампаніі, як у дзяржсектар, навязаць пакуль не могуць. Але рабіць штосьці трэба, калі ў краіне вайна з іншадумствам. Дзейнічаюць фармальна, і гэта добра, бо магло быць горш. А так што? Мы падпішам. Кіраўнік Парка дашле на адрас сваёй былой працы (Аляксандр Базанаў раней служыў у КДБ – «НН») справаздачу, што правёў палітычную работу і столькі акцыянераў пад роспіс абавязалася нікому не расказваць, што ў Беларусі ва ўласных кватэрах адстрэльваюць праграмістаў, а проджэкт-менеджарак з малымі дзецьмі на плячах кідаюць за краты за плакат. Што тут казаць? Выкінуць з ПВТ можна і без гэтай пісулькі, гэта відавочна», – апісаў рэакцыю на ліст адзін з атрымальнікаў.

Яшчэ некалькі не сталі каментаваць дзеянні Адміністрацыі ПВТ.

ав/Наша Ніва