Беларуская Служба

«Спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць». Праваабаронца Леанід Судаленка – пра новую крымінальную справу

05.03.2024 16:45
Супраць былога палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу.
 .
Леанід Судаленка.spring96.org

Яму інкрымінаваны артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Што стала нагодай для новага палітычнага пераследу — пакуль невядома. Леанід Судаленка пракаментаваў «Вясне» новую крымінальную справу супраць сябе.

Нагадаем, у лістападзе 2021 году Судаленку асудзілі да трох гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі. За межамі краіны ён працягнуў праваабарончую дзейнасць. А ўжо праз тры месяцы пасля вызвалення супраць Леаніда распачалі новую крымінальную справу.

Упэўнены, такім чынам беларускія спецслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што пасля вызвалення я не здаўся і не замаўчаў. Я публічна выступіў як сведка катаванняў у беларускіх турмах у сценах Еўрапарламента. Пра ўмовы, у якіх вымушаны сядзець беларускія палітвязні, я публічна распавядаў на пляцоўках не толькі Францыі, Польшы, Германі і Фінлядыі. Не было таго незалежнага СМІ, з якім бы я адмовіўся размаўляць пра перажытыя тры гады турэмнага зняволення, — адзначыў Леанід Судаленка. —

Ужо праз тры месяцы са дня вызвалення спецслужбы пачалі супраць мяне новую крымінальную справу, абвінаваціўшы ў дзвюх частках артыкула па экстрэмізме. Максімальны тэрмін па гэтаму артыкуле — да шасці гадоў. Наступным крокам будзе, напэўна, пазбаўленне беларускага грамадзянства, якое я атрымаў з нараджэння. Ну, а потым яшчэ, відаць, пачнуць чарговую спецвытворчасць па прызнанні майго факта нараджэння незаконным, бо ў краіне чацвёрты год працягваецца неабвешчананае надзвычайнае становішча. Сёння, дарэчы, «гарант Канстытуцыі» падпісаў указ аб працы дзяржорганаў пры ваенным становішчы.

На кароткачасовай дыстанцыі тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць справу супраць мяне ў следчых камітэтах. Адно турбуе: кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне кінулі ў турму, не думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. Зацягваецца гэтая дыстанцыя — і гэта мяне зараз хвалюе. А так, дзякуй спецслужбам, адзначылі мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей працаваць на новую Беларусь і дзеля новай Беларусі!»

вх