На пленарнай сесіі Еўрапейскага парламента ў Страсбургу 11–14 сакавіка праходзіць другая акцыя ў рамках ініцыятывы #EPstandsBYyou.
Ініцыятыўная група з васьмі дэпутатаў Еўрапарламента, якія прадстаўляюць усе асноўныя палітычныя групы: Анджэй Халіцкі (ЕНП), Юозас Алекас (С&Д), Петрас Аўштрэвічус («Абнаўленне Еўропы»), Віёла фон Крамон-Таўбадэль («Зялёныя»/ЭФА), Ганна Фатыга (ЭЦР), Раса Юкнявічэне (ЕНП), Андрус Кубілюс (ЕНП) і Ційс Ройтэн (С&Д) заклікае ўсіх дэпутатаў Еўрапарламента напісаць і накіраваць словы павагі і падтрымкі 1500 палітычным зняволеным у Беларусі.
Гэта другая акцыя ініцыятывы #EPstandsBYyou. У снежні 2022 года дэпутаты Еўрапарламента ад усіх палітычных груп падпісалі больш за 300 лістоў беларускім палітвязням, нагадвае „Вясна”.
Ініцыятыва #EPstandsBYyou скіраваная на прыцягненне ўвагі да цяжкай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці да становішча 1500 палітычных зняволеных, якіх нелегітымны рэжым Лукашэнкi ўтрымлівае ў турмах па надуманых абвінавачваннях, падвяргаючы іх пастаяннаму жорсткаму абыходжанню і ўтрымліваючы ў нечалавечых умовах. Пяцёра палітвязняў памерлі за кратамі.
аз